Claude Piron

Псыхалягічныя аспэкты
сусьветнай моўнай праблемы і Эспэранта


Магчыма разглядаць моўную праблему ў сусьвеце зь вельмі розных бакоў, напрыклад: палітычнага, лінгвістычнага, фінансава-эканамічнага і г.д. Я падыйду да яе, пэўна з-за прафесійнай сапсаванасьці, з псыхалягічнага пункту гледжаньня, важкасьць якога, на маю думку, недастаткова ўзважана.


Эспэрантысты часта скардзяцца, што весь сусьвет не разумее іх поглядаў, не цікавіцца імі, або што іх справа не прасоўваецца дастаткова хутка. Яны ахвотна абвінавачваюць у гэтым адзін аднаго. На маю думку, гэткія негатыўныя пачуцьці з’яўляюцца зусім не даравальнымі, калі разгледзець псыхалягічны аспэкт гэтага становішча. Другімі словамі, я мяркую, што Эспэранта разьвіваецца зусім нармальна, нават калі яна стагнуе цягам дзесяцігодзьдзя, і што ўсьведамленьне аб моўнай праблеме ў сусьвеце ідзе ў нармальным рытме, г.зн. у рытме гісторыі.


Распаўсюджаная сярод Эспэрантыстаў ідэя, што іх справа не прасоўваецца дастаткова хутка, зыходзіць з адной з найважнейшых часьцін чалавечай псыхікі, а менавіта з прагі. Мы прагнем, каб мова Эспэранта распаўсюджвалася, і мы ставімся да гэтага жаданьня як малыя дзеці: мы ня хочам бачыць той абсяг перашкод, што стаяць як загароджа паміж нашым жаданьнем і яго зьдзяйсьненьнем. Мы адчуваем адчай. А калі мы адчуваем адчай, тады замест таго, каб прыняць той факт, што нам ад пачатку не ставала рэалізму, і таму, што хібы палягаюць ў нас саміх, мы шукаем вінаватых звонку: яны — гэта астатні сусьвет, які не зважае на нас, або нягоднікі ў Эспэранцкім руху, якія ня дзейнічаюць эфэктыўна й мэтазгодна. Гэта — па-дзіцячы, але гаворачы гэта, я не крытыкую, я толькі выражаю нешта аб нармалёвым функцыяваньні чалавечай псыхікі: калі з’яўляецца моцнае жаданьне, нам уласьціва рэагаваць па-дзіцячы. Непакоіцца аб распаўсюджваньні Эспэранта, шукаць вінаватых — гэта зусім нармальна й натуральна. Гэтак у бальшыні выпадкаў рэагуюць нармальныя дарослыя людзі. Мы ж з’яўляемся дарослымі толькі ў некаторых аспэктах нашага жыцьця. У многіх сфэрах, як палітыка, мэтафізіка, ды чалавечыя зносіны, мы дагэтуль рэагуем, як малыя дзеці.


Неразуменьне з боку грамадзтва


Таксама, калі я сказаў, што сусьвет не разумее нас, я закрануў псыхалягічны аспэкт становішча.


Чаму сусьвет не разумее нас? Таму што грамадзтва не разумее моўную сытуацыю наогул. Чаму? Па многіх прычынах. Напрыклад, таму, што моўныя дачыненьні з’яўляюцца нечым вельмі складаным, і гэта ня проста — зразумець нешта складанае. Калі сустракаецца нешта вельмі складанае, натуральны спосаб падысьці да праблемы — гэта спрасьціць яе. Такім чынам, грамадзтва наогул мае вельмі спрошчаны малюнак моўнага становішча ў сусьвеце. Малюнак толькі схэматычны. Іншы псыхалягічны чыньнік, з-за якога грамадзтва не разумее моўную праблему — гэта страх. Магчыма гэта зьдзіўляе вас. Сапраўды, калі вы скажаце палітыку, або лінгвісту, або нават адвольнаму мінаку на вуліцы, што адзін з чыньнікаў з-за якіх сусьвет ня вырашыў моўную праблему, ёсьць страх, ён ці яна зірнуць на вас, быццам на вар’ята. Па-першае, бо для суразмоўца моўная праблема папросту не існуе. “Ангельская мова вырашае яе, або перакладчыкі”. Па-другое, калі б наогул была б праблема, цалкам зразумела, што яна ніяк ня зьвязаная із страхам. “Ніхто не адчувае страху да мовы. Што за вар’яцтва?”, вось што яна ці ён скажуць вам.


Аднак шматлікія страхі ёсьць несьвядомыя. Мы не адчуваем іх, што вельмі добра, бо бяз гэтага было б немагчыма жыць з задавальненьнем. Але факт застаецца, што гэтыя страхі вызываюць шмат якія расстройствы і адхіленьні ў нашай манэры разумець рэчаіснасьць.


Чаму мова вызывае страх? Зноў, па многіх прычынах. Напрыклад, мова зьвязана з нашай ідэнтыфікацыяй. Неяк у дзяцінстве мы ўсьведамляем, што наша атачэньне размаўляе на той ці іншай мове, і што гэта азначае нас, вылучае ў адносінах з астатнім сьветам. Я належу да чалавечай групы, азначанай моваю, на якой гэтая група размаўляе, таму, у глыбіні псыхікі мая мова ёсьць я. Шырокае карыстаньне швайцарска-нямецкіх гаворак (дыялектаў) — гэта спосаб сказаць: вось хто мы ёсьць. Мы — ня немцы. Або паглядзім, як рэагуюць фляндрыйцы ці каталёнцы: “калі перасьледуюць або крытыкуюць маю мову, перасьледуюць або крытыкуюць мяне.”


Многія людзі маюць адмоўнае стаўленьне да Эспэранта, таму што яны зважаюць яе моваю без азначанага народу, гэта значыць, моваю без чалавечай ідэнтыфікацыі, то або ня моваю наогул, або моваю, якая больш штучная за чалавека, мова, што з’яўляецца ў параўнаньні з сапраўднымі мовамі тым самым, чым з’яўляецца робат у параўнаньні з сапраўднымі людзьмі. І гэта пужае. Ёсьць страх, што той робат, пра які гавораць, што ён мае амбіцыі ўнівэрсальнасьці, раздавіць усе астатнія мовы, усе народы, усё індывідуальнае і жывое, разбураючы ўсё на сваім шляху. Мабыць гэта звучыць для вас фантастычна. Але гэта так. Псыхалягічны мэтад, званы клінічная гутарка, у якой дасьледуецца, якія ідэі або малюнкі асыцыююцца адна з другой калі пытаюцца, што прыходзіць на думку, пачынаючы зь нейкага пэўнага слова, у нашым выпадку “Эспэранта”, паказвае існаваньне гэтага бесьсьвядомага страху ў шматлікіх людзей.


Ідэнтыфікацыя зь міжнароднаю моваю


Адна з праблемаў Эспэрантыстаў вынікае з таго, што Эспэранта мае рысу, якая адрозьнівае яе ад усіх іншых чужых моў, а менавіта, што яна спрыяе ідэнтыфікацыі зь ёю. Швэд, які размаўляе па-ангельску з карэйцам або бразільцам, адчувае сябе толькі швэдам, які карыстаецца ангельскаю моваю, ён не адчувае сябе ангельскамоўным. Наадварот, швэд, які на Эспэранта гаворыць з карэйцам ці бразільцам, пачувае сябе Эспэрантыстам, і адчувае, што два яго субяседнікі таксама Эспэрантысты, і што ўсе тры належаць нейкай спэцыяльнай культурнай сферы. Нават пры вельмі выдатным валоданьні ангельскаю моваю, неангельскамоўныя людзі не адчуваюць, што гэта дае ім анга-саксонскую ідэнтыфікацыю. З Эспэранта здараецца адваротнае. Чаму?


Як звычайна ў галіне, якую мы зараз наведваем, фактары, што дзейнічаюць — шматлікія й складаныя, але магчыма найважнейшы гэта той, што Эспэранта інтэгруецца ў чалавечую псыхіку на ўзроўні больш глыбокім, чым якая заўгодна іншая чужая мова. Не адразу, не ў пачаткоўца, але ў таго, каго Жантон (Janton Pierre) называе “сталы Эспэрантыст”, чалавек з дастатковым вопытам мовы, каб пачувацца зь ёю па-хатняму. Чаму яна знаходзіцца больш глыбока ў псыхіцы? Таму, што яна, больш за якія іншыя чалавечыя мовы трымаецца натуральных рухаў чалавечага мозгу, калі мы жадаем выказаць свае думкі.


Наша сама асноўная тэндэнцыя, калі мы вывучаем мову — абагульняць моўныя рысы, што мы вучым. Таму ўсе французкія дзеці гавораць “des chevals” (коні), замест “des chevaux”, або “vous faisez” (вы робіце), замест “vous faites”. Таму ўсе ангельскамоўныя дзеці выражаюць ідэю “ногі” словам “foots” пакуль не авалодаюць правільнай формай “feet”, або ідэю “ён прыйшоў” — выразам “he comed” пакуль ня вывучаць правільную форму “he came”. На Эспэранта гэткія памылкі немагчымыя, таму чалавек хутка пачынае адчуваць сябе вольна, бясьпечна, карыстаючыся моваю. Акрамя таго, гаворачы на Эспэранта, мы пачуваемся больш свабодна, чым на астатніх мовах. Гэта тычыцца манеры зьвязваць словы адно да аднаго. Па-ангельску вы павінны казаць, даслоўна: “ён дапамагае мне”, па-французску: “ён мне дапамагае”, па-нямецку: “ён дапамагае да мяне”. У гэтых трох мовах існуе адна абавязковая структура, толькі адна. На Эспэранта вы можаце вольна выбіраць любую зь іх. Гэта тычыцца таксама выбару функцыі слоў у сказе. Часта вы можаце выбіраць якую заўгодна: ці прыметнік, ці прыслоўе, ці дзеяслоў, ці назоўнік, напрыклад магчыма сказаць: “mi venis trajne, mi venis per trajno, mi trajnis” (1). Няма прымусу ў гэтым. Нямногія мовы даюць сродкі, што дазваляюць такую свабоду, і калі маюць, вельмі часта гэтым нельга карыстацца. Акрамя таго, Эспэрантыская суполка вельмі талерантная наконт граматычных і лексічных памылак, у ступені, ніколі не сустракаемай у іншых мовах. Калі нехта забудзецца ўжыць вінавальны склон, або зробіць гэта няправільна, на практыцы гэта разглядаецца нармальным, магчыма таму, што гэта амаль ніколі не замінае ўзаемаразуменьню. Толькі некаторыя пэданты робяць з такіх памылак трагедыю, але яны знаходзяцца па-за нармальнай грамадою Эспэрантыстаў. (Увага! Ня трэба разумець гэтую заўвагу пра моўныя памылкі як рэкамэндацыю. Я знаходжуся на пазыцыі выключна назіральнай). Другімі словамі, няма сувязі паміж выдатным валоданьнем мовы й пачуцьцём ідэнтыфікацыі зь ёю. Можна пачуваць сябе Эспэрантыстам нават кожны раз забываючыся на вінавальны склон.


Усё гэта, а таксама магчымасьць утвараць словы адвольна, што не дазволена ў многіх мовах, стварае атмасфэру свабоды, што зьмяшчае мову на больш глыбокі ўзровень псыхікі, больш блізка да яе ядра, да яе інстынктыўнай часткі. На Эспэранта быць спантанным — лягчэй, чым на французкай, напрыклад, таму што трэба прытрымлівацца меншай колькасьці адвольных забаронаў. То й пачуваешся больш лёгка. З-за гэтых рыс Эспэранта фіксуецца больш глыбока ў псыхіцы, чым іншыя чужыя мовы, і з-за гэтага ўстанаўліваецца больш ахвотная ідэнтыфікацыя зь ёю. Але людзі, што не належаць Эспэранта-сьвету, гэтага не разумеюць. Яны не разумеюць гэткую ідэнтыфікацыю. Таму стаўленьне многіх Эспэрантыстаў здаецца ім вар’яцкім або прынамсі вельмі дзіўным. З-за гэтага пачуцьця ідэнтыфікацыі з моваю Эспэрантыст лёгка адчувае атакаваным сябе, калі крытыкуюць яго мову, або нават саму ідэю міжнароднай мовы. Атакаваць мову — значыць атакаваць яго самога, і натуральная рэакцыя ёсьць контратака, разам вельмі вострая. Але неэспэрантыст гэтага не разумее. Ён бачыць у нармальнай рэакцыі Эспэрантыста нешта зашмат інтэнсіўнае, зашмат моцнае, доказ фанатычнасьці, які ёсьць адзінае магчымае тлумачэньне гэтай рэакцыі, настолькі непрапарцыйнай.


Дзьве катэгорыі


На маю думку, Эспэрантысты псыхалягічна належаць да дзьвюх катэгорый. З аднаго боку, гэта людзі, што дрэнна адаптаваліся да калектыўнага жыцьця, якія адчуваюць сябе трохі па-за бегам моды, грамадзтва, правячых ідэй і спосабаў дзейнічаць. Людзі, якія прызвычаіліся да факту быць непадобнымі да бальшыні або якія адчуваюць сябе выкінутымі ці выкідаемымі бальшынёю. Гэта ня проста — узяць на сабе ўсю найглыбейшую адзіноту чалавечага жыцьця. Таму людзі, што адчуваюць сябе непадобнымі да бальшыні, схільныя згуртоўвацца, ствараць з падобнымі сабе суполку, дзе яны будуць пачувацца камфортна. Яны тады зьбіраюцца ды паўтараюць адзін аднаму, наколькі яны правыя, і наколькі няправыя ўсе звонку. Гэта зусім нармальна й па-чалавечы. Эспэранта многім людзям, якія дрэнна прыстасаваліся да грамадзтва, прапанавала месца, дзе магчыма знайсьці людзей, гэтаксама як яны дрэнна адаптаваных, ад якіх магчыма атрымаць суцяшэньне і падтрымку, неабходную, каб зрабіць жыцьцё больш цярпімым. Гэта асабліва тычыцца пэрыяду, калі пасьля таго як першыя спадзяваньні аб хуткім прыняцьці Эспэранта аказаліся дарэмнымі, і перад тым як аргумэнты на карысьць Эспэранта зрабіліся дастаткова моцнымі і фактычнымі, другімі словамі, паміж 1-ай сусьветнай вайною і 60-70-мі гадамі. Вялікая частка Эспэрантыстаў у той час складалася з нэўротыкаў, гэта значыць, людзей з псыхічнымі праблемамі больш шматлікімі ці больш цяжкімі, чым сустракаюцца ў звычайнага чалавека.


Гэтым нэўротыкам, гэтым людзям, якіх псыхічныя праблемы зьнявечылі, мы павінны велізарную пазыку, бо бязь іх мова проста памерла б. Наіўна і несправядліва глядзець на іх звысока, як схільны рабіць некаторыя адвакаты маніфэста Раўма (2). У гістарычных абставінах, у якіх яны знаходзіліся, гэтыя трохі сэктанцкія зялёназорачнікі (3), неабходна было, каб мова разьвівалася. Нармальныя людзі не маглі цікавіцца моваю Эспэранта, карыстацца ёю, і таму падтрымліваць яе. Калі б Эспэранта пастаянна не ўжывалася, калі б ніхто не ствараў на ёй, калі б яна не служыла ў ліставаньнях, падчас сустрэч, кангрэсаў, што складаліся галоўным чынам з адных дзівакоў, яна не змагла б разьвіць свайго моўнага і літаратурнага патэнцыялу, яна не магла б узбагаціцца, не магла б крок за крокам прывесьці да больш уважлівага аналізу сусьветнай моўнай праблемы. Я ўпэўнены, што апасьля колькіх стагодзьдзяў гісторыкі давядуць, што гэтыя людзі зрабілі вялікую карысьць чалавецтву, падтрымліваючы мову і разьвіваючы яе, нават калі іх матывы часткова вынікалі зь нейкай псыхічнай паталёгіі.


Побач з нэўротыкамі, дзівакамі, пра якіх я толькі што казаў, Эспэранта прывабіла людзей з асабліва моцнаю індывідуальнасьцю. Чалавек, які псыхічна поўнасьцю здаровы, можа далучыцца да гурта зусім ненармальнага толькі тады, калі ён ці яна маюць такую моцную індывідуальнасьць, што могуць сустрэцца з натоўпам і абгрунтаваць свой пункт гледжаньня на пазіцыях ясных, сур’ёзных, выпрабаваных, так, што ён можа адчуваць сябе правым, але без фанабэрыстасьці. На шчасьце такіх людзей было дастаткова многа ў Эспэранцкім сьвеце аж ад пачатку. Адзін зь іх, напрыклад, Эдмунд Прыват. Яму таксама мы павінны вялікі доўг, бо ён шмат дапамагаў разьвіваць справу, і крок за крокам паказваў у розных асяродках, што Эспэрантысты ня ёсьць спрэс толькі фанатычныя дзівакі.


Зразумела, што гэтыя дзьве катэгорыі маюць перасячэньне, г.зн. людзей з нэўрознымі рысамі, больш шматлікімі ці складанымі, чым у сярэдняга чалавека, але таксама з больш моцнай індывідуальнасьцю (часта узмоцненай акурат пастаянным намаганьнем жыць у асяродку, у якім яны не пачуваюцца камфортна і да якога ня поўнасьцю адаптаваныя).


Парадокс: дзе знаходзіцца здаровы розум?


Вось мы стаім перад парадоксам: Эспэрантыскі сусьвет складаецца збольшага зь людзей, што маюць псыхічныя паталёгіі, але якія стаяць на зусім здаровай пазіцыі наконт моўных камунікацый, у той час як агульнае грамадзтва складаецца зь людзей, магчыма, адносна больш нармальных псыхічна, але з зусім нэўратычным, паталягічным, я б сказаў, нават з вар’яцкім стаўленьнем да яе.


Што дазваляе зрабіць такое рэзкае цьверджаньне? Ну, той факт, што грамадзтва дэманструе ўсе сымптомы псыхапаталёгіі ў сваіх адносінах да моўнай камунікацыі. Што робіць нармальны чалавек, калі адчувае нейкую патрэбу? Ён дзейнічае, каб задаволіць гэтую патрэбу найбольш эфэктыўным, прыемным ды хуткім чынам. Уявім сабе чалавека, які галодны. Ён мае ў кішэні кашалёк поўны грошай. Ён знаходзіцца ў квартале, дзе шмат прадуктовых крам і рэстарацыяў. Калі гэта нармальны чалавек, ён ідзе ў адну зь іх і заказвае сябе нейкі сьняданак, каб пазбавіцца голаду. А што вы падумаеце на чалавека, які замест таго каб зрабіць гэтак, ідзе на вакзал, купляе квіток на цягнік, едзе за 300 кілямэтраў, там доўга шпацыруе па палях і лясах, каб нарэшце трапіць у нейкую маленькую харчавальню, якая прапануе толькі нясмачную ежу? Што вы падумаеце на гэтага чалавека, які з-за свайго дзіўнага падыхода да праблемы галадаў цягам многіх гадзін, і напрыканцы атрымаў нешта нездавальняючае, і што каштавала ў сто разоў больш, чым неабходна? Кожны згадзіцца з дыягназам — гэтыя паводзіны нэўратычныя, паталягічныя. Нашто дзейнічаць гэтак складана, без аніякай карысьці, у той час як магчыма было вырашыць праблему задавальненьня голаду проста і напрамкі? У галіне моўных зносін Эспэрантысты паводзяць сябе як першы, а астатні сьвет — як другі.


Існаваньне супраціву пацьвярджае дыягназ


Аднак, магчыма вы сумняваецеся наконт таго, ці з’яўляюцца апісаныя паводзіны сапраўды паталягічнымі, і патрабуеце пацьвярджэньне гэтага дыягназу. Ну, вядома, што адна з характарыстык такіх паталёгій ёсьць супраціў. Той, хто мае такія паталягічныя рысы, робіць усё магчымае, каб не усьведамляць, што ён ці яна ня дзейнічаюць здаровым чынам, што яна ці ён маглі б дзейнічаць зусім па-іншаму, шмат больш прыемна і эфэктыўна. Часам такі чалавек аднак прызнае гэткія паводзіны ненармальнымі, але гаворыць: “Так, я ведаю, што гэтак дзейнічаць — незвычайна, ненармальна, нават паталягічна, але па-іншаму я не магу”. Гэткае адмаўленьне прызнаць свае паводзіны ненармальнымі або немагчымасьць іх зьмяніць, называюць супраціў.


Ну, цікава бачыць, што спосаб, згодна якому зарганізаваныя моўныя зносіны ў нашым сусьвеце, мае усе характарыстыкі паталягічных паводзін. Мова Эспэранта існуе. Яна дазваляе камунікацыю шмат таньнейшую за адначасовы пераклад, шмат справядлівейшую за карыстаньне ангельскай моваю, шмат больш камфортную за якую заўгодна іншую мову, і гэта магчыма пасьля шмат меншага ўкладаньня часу, грошай і энэргіі з боку карыстальнікаў і з боку дзяржавы. Другімі словамі, яна — гэта прамы шлях задаволіць патрэбу. Аднак, замест скарыстаць яго, грамадзтва выбірае вельмі складаны й дарагі шлях. Яно абавязвае мільёны дзяцей гадамі вучыць замежныя мовы настолькі складаныя, што толькі адзін із ста, у сярэднім у Эўропе, адзін з тысячы ў Азіі, здольны эфэктыўна карыстацца моваю напрыканцы навучаньня. Пасьля таго, як былі ўкладзены столькі намаганьняў, столькі нэрвовай энэргіі, часу і грошай у гэтае навучаньне мовы, аказваецца, што праблема няроўнасьці ня вырашаная, і што падыход да моўных бар’ераў быў такі хібны, што неабходна зноў інвэставаць мільёны і мільёны даляраў каб рабіць шматлікія пераклады на дзясяткі моў і забясьпечваць сынхронны пераклад, безь якога немагчымае паразуменьне суразмоўцаў. Гэта вар’яцтва. Дзіка гэтак выкарыстоўваць свой час, свае грошы, свае намаганьні такім халтурным чынам, калі магчыма гэтага пазьбегнуць. Нават у гэтым грамадзтва паказвае сябе паталягічным.


Але што пацьвярджае, што назіраецца аўтэнтычная псыхапаталёгія, гэта факт, што, калі на гэтую справу вы зьвяртаеце ўвагу журналістаў ці асобаў ўплывовых, важных, адказных за арганізацыю грамадзкага жыцьця, і спрабуеце давесьці ім, што гэтая сыстэма — цалкам вар’яцкая, і што існуе разумны спосаб моўных зносін, шмат лягчэй дасягальны, — вы сустрэнеце супраціў. Людзі адмаўляюцца зважаць на вашыя словы, яны адмаўляюцца дасьледаваць справу, яны адкідаюць пасьведчаньні і доказы, перад тым як пазнаёмяцца зь імі. Гэта слова “перад” вельмі важнае, бо гэта доказ, што дыягназ верны, яно пацьвярджае наяўнасьць супраціву. Адказныя асобы грамадзтва лічаць за лепшае ня ведаць, што існуе іншая манэра міжнародных зносін, чым тая, якую яны навязваюць мільярдам зямлян. Яны баяцца паглядзець праўдзе ў вочы. І таму што яны не заўважаюць свайго страху, што ёсьць дадатковым доказам нэўрознага, паталягічнага характару іх паводзін, яны карыстаюцца ўсякімі адгаворкамі, каб не глядзець у дакумэнты. Уплывоўцы адмаўляюцца, ня ведаючы, што яны адмаўляюць; яны баяцца, ня ведаючы, што баяцца, яны чыняць перашкоды, несправядлівасьць, фрустрацыі ды непатрэбныя цяжкасьці, выдаткі, падаткі, розныя ускладненьні і значную колькасьць пакутаў (маецца на ўвазе, паміж іншым, уцекачы, для якіх адсутнасьць ці цяжкасьць моўных зносін часта з’яўляюцца прычынаю вельмі канкрэтных пакутаў), яны выклікаюць гэта ўсё ня ведаючы, што яны гэта выклікаюць. Назіраецца вельмі сур’ёзная, цяжкая псыхапаталёгія грамадзтва. Але вельмі нешматлікія асобы гэта заўважаюць і разумеюць.


Табу


Фактычна табу закранае ўвесь абсяг міжнародных і міждзяржаўных моўных зносін. Калі вы пагледзеце дакумэнты, што ствараюцца на гэтую тэму, вы ўпэўніцеся, што больш за 99% напісаны так, быццам Эспэранта не існуе наогул, быццам чалавецтва ня мае ніякага вопыту іншых спосабаў міжнародных камунікацый, чым звычайныя: пераклад, інтэрпрэтацыя або карыстаньне прэстыжнай нацыянальнай моваю кшталту ангельскай. На Эспэранта — табу. Гэта зноў было відаць нядаўна у Брусэлі, у Эўрапарлямэнце, падчас паседжаньня так званай інстытуцыйнай камісіі, якая займалася пытаньнем (не)камунікацыі ў Эўразьвязе.


Яшчэ адзін доказ, што тычыцца пра нешта табуяванае, гэта адмаўленьне параўнаць. У навуцы, калі трэба даведацца пра карысьць, кошт нечага, заўсёды робіцца параўнаньне з аналягамі. Перад тым, як вырашыць наконт новага мэдыкамэнту, яго параўноўваюць з ужо вядомымі прэпаратамі. Калі зьбіраюцца распачаць тую ці іншую вялікую работу, напрыклад, пабудаваць новы стадыён, што звычайна робіцца? Аб’яўляюць тэндар. Прапануюць розным фірмам зрабіць праекты, а потым разглядаюць усе варыянты, каб прыняць найбольш рацыянальны з пункту гледжаньня кошту і іншых крытэраў. Гэта нармальная працэдура. Існуе нават цэлы навуковы мэтад наконт таго, як вырашаць падчас выбару найлепшага спосаба атрымаць пэўны рэзультат. Гэты навуковы мэтад завецца "Апэрацыйнае дасьледваньне” ("operations research", "recherche opérationnelle"). Ён нарадзіўся ў час другой сусьветнай вайны, як спосаб выбіраць найлепшы шлях перавозкі тавараў і людзей з максімальнай хуткасьцью і мінімальнай рызыкай. Вось, калі прымяніць правілы апэрацыйнага дасьледваньня да моўнай праблемы, магчыма заўважыць, што з усіх сродкаў, наяўных зараз у практыцы, найбольш аптымальны, каб дасьцігнуць мэты — гэта Эспэранта. Але, каб выявіць гэта, трэба параўнаць розныя сыстэмы адну да іншых, і ўбачыць аб’ектыўна, на практыцы (у справе, як гаворыцца), як выглядае Эспэранта ў параўнаньні з жэстамі, з балбатаньнем на мове, якую кепска ведаеш, з карыстаньнем ангельскай мовы, з перакладам дакумэнтаў і выступаў, што адначасовым, што зробленым апасьля, з карыстаньнем лацінскай мовы, і г.д. Толькі гэткае параўнаньне дазваляе заключыць, якая сыстэма — найлепшая.


Але, хаця тысячы і тысячы старонак надрукаваныя ў дакумэнтах пра моўнае становішча, і ў ААН, і ў Эўразьвязе, і ў лінгвістычных факультэтах унівэрсітэтаў і г.д., дакумэнтаў, якія падыходзяць да праблемы базуючыся на параўнаньні ўключаючым Эспэранта, налічваецца менш чым пальцаў у аднаго чалавека. З-за таго, што параўнаньне розных магчымасьцяў пры вырашэньні нейкай праблемы з’яўляецца нечым настолькі частаўжывальным у іншых галінах, то яго адсутнасьць у галіне міжнародных моўных зносін даказвае, што дзейнічае табу.


Адкуль зыходзіць табу


Чаму ж такі паталягічны падыход да моўнай праблемы? Зноў, прычынаў шмат. Ёсьць прычыны палітычныя. Ідэя, што інтэлектуальна менш таленавітыя асобы змогуць безь перашкод зносіцца народ з народам, не падабаецца многім урадам. Ёсьць сацыяльныя прычыны. Тая ж сама магчымасьць не падабаецца сацыяльна прывілеяваным грамадзкім слаям. Людзі, што даволі добра валодаюць ангельскую мову ці якую іншую важную мову, маюць шмат перавагаў над людзьмі, якія ведаюць толькі некаторыя лякальныя мовы, яны зусім не жадаюць згубіць гэтыя перавагі. Гэта асабліва відавочна ў так званым Трэцім сьвеце.


Але я мяркую, што галоўныя прычыны гэтага табу — псыхалягічныя. Ядро праблемы знаходзіцца ў эмацыйнай вазе, нагрузцы, атмасфэры паняцьця “мова”, у яго ўласьцівасьці закранаць вельмі глыбокія фібры нашае душы. Мы думаем канцэпцыямі або словамі. І словы або канцэпцыі ня ёсьць толькі інтэлектуальныя рэчы, яны маюць нейкі эмацыйны, нейкі пачуцьцёвы дух. Ня ўсе, але шматлікія. Калі я кажу “вайна”, ці “грошы”, ці “маці”, ці “сэкс”, ці “атамная энэргія”, нешта варушыцца ў вас у глыбіні, хаця вы гэтага звычайна не ўсьведамляеце. Іншымі словамі, мы не абыякавы да большасьці канцэпцый, галоўным чынам да тых, што неяк зьвязаны з нашымі пажаданьнямі, патрэбнасьцямі, імкненьнямі, задавальненьнямі, пакутамі, здольнасьцямі, і г.д.


Сярод гэтых канцэпцый з моцным эмацыйным духам знаходзіцца і канцэпцыя “мова”. Чаму? Бо мова вызывае факт, што мы здольныя растлумачыцца, і сама магчымасьць быць зразуметым – гэта адна з найбольш асноўных жаданьняў кожнага чалавека. Калі я маю нейкі хвалюючы клопат або пакуту, калі я магу сказаць пра гэта камусьці, хто выслухае мяне і адрэагуе, што зразумеў, я адчую дапамогу, адбудзецца нейкае падзяленьне клопатаў або пакутаў, ды я больш ня буду пачувацца самотным, стане лягчэй. Калі дзіця пакутуе і плача, вельмі часта з-за неразуменьня, рэакцыя дарослага не трапляе, ці яе наогул няма, акрамя выразу бездапаможнасьці на твары. Але калі дзіцё набывае маўленьне, калі яно зможа сказаць: “Баліць у мяне вуха”, рэакцыя дарослага ўжо зусім іншая. Адбываецца сапраўдная камунікацыя, якая зьмяняе жыцьцё. Таму што гэтая камунікацыя часьцей і шчыльней разьвіваецца з маці, эмацыйная атмасфэра канцэпцыі “мова” уключае пачуцьці аб ёй. Таму ў большасьці моў гаворыцца “матчына мова”, калі фактычна маецца на ўвазе бацькоўская мова, ці мова асяродзьдзя.


Фактычна, засвоіць мову — справа зусім банальная. Яна адбываецца згодна нармальнаму шляху кожнага навучэньня. Няма нічога больш містычныга ў вывучэньні мовы, чым у набыцьцё вопыту кіраваць аўтамабілем. Аднак існуе вялізная розьніца паміж гэтымі двума. З-за ўзросту. Калі мы вучымся кіраваць аўтамабілем, мы ведаем, што мы вучымся, і мы ўжо шмат ведаем пра навуку навучэньня, бо мы шмат год наведвалі школу і ведаем, як трэба вучыцца. Аднак, калі мы засвайваем бацькоўскую мову, мы абсалютна не ўсьведамляем, што мы навучаемся. Таму мы бачым гэта як нейкае цуда. Раней мы не маглі ясна выказвацца. Зараз мы можам размаўляць. Вось цуд, які зьмяняе ўсё жыцьцё. З-за гэтых акалічнасьцяў (абставін), у якіх мы авалодваем моваю, вучым, ня ведаючы, што мы вучым, што адбываецца зусім банальны навучальны працэс, з-за гэтага мова робіцца нечым сьвятым, казачным, міталягічным. Нечым, што месьціцца па-за межамі розуму. Нечым, аб чыім паходжаньні мы ведаем нічога. У глыбіні нашае душы мова — падарунак багоў, падарунак звышнатуральны. Ніводны чалавек не мае права зьмяняць яе. Ніхто ня ў праве адвольна ды рацыянальна ўмешвацца ў нешта, зьвязанае з моваю.


Сапраўды, зірнём, як эмацыйна людзі рэагуюць, калі зьяўляюцца прапановы зьмяніць артаграфію. Гляньма на аргумэнты, і ўбачым, што нічога рацыянальнага сярод іх няма. Толькі эмоцыі, пачуцьці, якія заўжды закранае паняцьце “мова”.


Схаванае аўтарытэтнае пасланьне


Гэтае базавае адчуваньне мовы, як нечага міталягічнага, падараванага багамі, і таму сьвятога і недатыкальнага, ёсьць найбольш асноўная частка эмацыйнай аўры канцэпцыі “мова”. Да гэтага ядра дадаецца факт, што паняцьце “мова” напамінае сама першыя сувязі ў сям’і, галоўным чынам з маці. Але па-над гэтымі дзьвума слаямі знаходзіцца трэці: зносіны з аўтарытэтам. У перадачы мовы дзецям знаходзіцца схаванае пасланьне, якое на практыцы ніколі яўна не выяўляецца. І гэтае пасланьне з’яўляецца вельмі дыктатарскім.


Фактычна яно дыктуе, устанаўлівае адпаведную пазыцыю дзіця ды дарослага ў грамадзтве. Калі дзеці гавораць няправільна, іх папраўляюць, прынамсі з таго часу, калі яны наведваюць школу. Калі не папраўляюць, дык насьмяхаюцца ці зьдзекваюцца, або пасьмейваюцца шматзначна. Якая б ні была рэакцыя, яна дае паняць малым дзецям, што калі яны ўжываюць такую форму, адрозную ад граматычна ці лексічна правільнай, яны знаходзяцца па-за межамі нормы. Калі маленькі француз кажа “plus bon”, яго папраўляюць: “Гэтак ня правільна, трэба «meilleur»”. Магчыма таксама ў нямецкай мове нельга казаць “mehr gut” або “guter” або “gueter” і магчыма дзеці ўжываюць гэтыя формы. Тады іх папраўляюць фразаю кшталту: “Ня правільна. Трэба казаць «besser»”.


Як гэта ўплывае на псыхіку? Гэта перадае схаванае пасланьне, вось: “Не давярай сваім спантанным, натуральным памкненьням, што штурхаюць цябе да абагульненьня моўных ўласьцівасьцяў, якія ты заўважыў. Ня вер сваёй логіцы. Ня вер розуму. Ня вер сваім рэакцыям, сваім інстынктам. Ня вер сябе самому. Падпарадкоўвайся нам, нават калі наша сыстэма абсалютна нерацыянальная, і неразумная”.


Для дзяцей мова — гэта найперш сродак камунікацыі. Першы крок іх мысьленьня ёсьць: “Калі мяне разумеюць — усё добра. Мова ж створана, каб мы паразумелі адзін аднаго”. Аднак рэакцыі асяродзьдзя зноў ды зноў дасылае паведамленьне: “Мова гэта ня нейкая выдуманая рэч дзеля паразуменьня. Мова гэта галіна, дзе вучацца прыстасоўвацца да адвольных, невытлумачальных патрабаваньняў з боку дарослых." У мове ёсьць такія табу, якія ніхто ня здольны патлумачыць. Калі дзіця, што жадае выказаць ідэю “ён прыйшоў” кажа: “er kommte”, “il a venu”, “he comed”, яму зьвяртаюць увагу, што трэба было сказаць “er kam, il est venu, he came”. Калі малое пытаецца: “але чаму?”, немагчыма даць яму разумны адказ. Можна сказаць толькі: бо гэтак гавораць. І гэта дае зразумець, што мова — гэта нешта, кіруемае незразумелымі законамі, ніколі не растлумачынымі, якія ідуць з даўняе гісторыі. Павага да прадзедаў ці да багоў, што далі мову, больш важная за лёгіку, за розум, за спантанныя памкненьні, за інстынкты, наогул, за індывідуальную натуру.


Эспэранта зьвяргае ўсё гэта. Яна нарадзілася ня вельмі даўно. Гэта сьвятатацтва. Мова ня мае права быць маладою. Мова — гэта нешта сьвятое, перададзенае ад прадзедаў ці багоў, ня можа быць нечым, што ўзьнікла ў наш час. Калі гавораць, што гэта мова ня ведае выключэньняў, гэта злачынства! Калі магчыма дзейнічаць згодна сваёй натуры, сваёй лёгіцы, каб выказаць свае думкі, што ж застаецца ад аўтарытэту продкаў? Таму Эспэранта вызывае жудасныя страхі ў глыбіні псыхікі. Яна рызыкуе зьнішчыць міталягічны, сьвяты, казачны характар нашае роднае мовы. Эспэранта робіць матчыну мову адноснай, але ж вібруе эмацыйная патрэба, каб тая была нечым абсалютным. Неабходна ўсімі сродкамі спыніць яе распаўсюджваньне. І неабходна ўсяляк дзейнічаць, каб ніхто не вывучаў ні яе, ні пра яе. Бо нехта можа ўбачыць, што мова гэта ня тое, ува што мы верым, і таму падкапаць фундамэнт нашых грамадзкіх зносін. Гэтая справа зашмат больш эмацыйная, каб успрымаць яе спакойна, аб’ектыўна, навукова вывучаць яе. І спакойна, аб’ектыўна вывучаць рэакцыю да яе.


Монстар


Да таго ж, Эспэранта здаецца нейкім монстрам, бо кажуць, што яе стварыў адзін мужчына. Другімі словамі, яна мае бацьку, але няма маці. Яна — пачварнае стварэньне нейкага вычварэнца-адзіночкі. Гэткаму ўражаньню спрыяюць шматлікія азначэньні, што зьмешчаны ў слоўніках, энцыкляпэдыях, лінгвістычных кнігах ці Эспэрантыскіх прапагандысцкіх і рэклямных улётках, згодна зь якімі “Эспэранта створана Замэнгофам у 1887 годзе”. Фактычна, Эспэранта не была створаная ў 1887 годзе. У 1887 годзе зьявілася зерне мовы, якое цягам многіх гадоў сьпярша расло й трансфармавалася ў думках і сшытках Замэнгофа. Пасьля гэтага доўгага працэсу, які магчыма параўнаць з працэсам калі зерне паступова разьвіваецца ў расьліне, праект быў апублікаваны, гэта значыць, зерне было пасеяна. Але гэтае зерне змагло зрабіцца нечым жывым толькі пры ўмове, што глеба прыме яго. І гэтая глеба была маці Эспэранта, гэта значыць грамада тых першых добрасардэчных ідэалістаў, што прынялі зерне, забясьпечылі яго асяродзьдзем, дзе яно змагло вырасьці, разьвіцца і зрабіцца нечым дастаткова жыцьцяздольным, каб выжыць незалежна ад якога заўгодна індывідуума.


Мова Эспэранта, якою мы зараз карыстаемся, ня ёсьць тварэньне Замэнгофа, гэта мова, што разьвілася на аснове праекта Замэнгофа за стагодзьдзе пастаяннага ўжываньня паміж людзьмі вельмі рознымі. Гэта мова, што разьвілася зусім натуральна, шляхам карыстаньня, стварэньня літаратуры, чаргаваньнем прапаноў і контраўпрапаноў, часьцей за ўсё неўсьвядомленых. Гэта ня монстар, якога зрабіў нейкі самотны чалавек, яна мае бацьку, так, цудоўнага бацьку, бацьку, якому ўдалося даць ёй неверагодна варты жыцьцёвы патэнцыял, але аднак яна мае таксама і маці, што гадавала яе зь пяшчотаю, і якая дала больш, чым змог бы адзін бацька, дала ёй жыцьцё.


Факты больш упартыя за размовы


Вы бачыце, што псыхалягічныя аспэкты мовы Эспэранта і сусьветнай моўнай праблемы з’яўляюцца больш складанымі, чым здаецца на першы погляд. У псыхіцы большасьці асоб знаходзіцца жудасны супраціў да самое ідэі міжнароднай мовы. З-за гэтага супраціву амаль ніхто з палітычных, грамадзкіх і інтэлектуальных элітаў не бярэцца сумленна вывучыць справу. Аднак яна прагрэсуе. Падобных выпадкаў супраціву да нечага больш якаснага, больш зручнага, больш дэмакратычнага багата ў гісторыі. Найбольш тыповы прыклад — гэта адмаўленьне ў Эўропе карыстацца арабскімі лічбамі, што мы ўжываем зараз: таксама да іх інтэлектуальная эліта (і ня толькі яна) ставілася, як да кашчунства ў адносінах да лацінскіх лічбаў, ужываных у той час. Я ўпэўнены, што Эспэранта будзе калісьці агульна прынятая. Паталёгія ня вечна будзе мацнейшаю за гаючыя сілы, якія таксама дзейнічаюць у грамадзтве. Сярод гэтых лячэбных сіл з’яўляецца большае і большае паразуменьне фэномэна Эспэранта з боку мовазнаўцаў, напрыклад, і шмат іншых асоб. Існуюць таксама патрабаваньні рэчаіснасьці. Як казаў Лінкальн, магчыма хаваць праўду ад часткі грамадзтва цягам пэўнага часу. Немагчыма назаўсёды схаваць праўду ад усяго грамадзтва. Эспэранта, калі параўнаць з усімі іншымі сродкамі міжнародных зносін, з’яўляецца аб’ектыўна найлепшай, ды зь вялікім адрывам па ўсім паказальнікам. Факты больш упартыя за ідэі. Супраціў будзе доўжыцца і будзе вострым, так, пэўна, нават калі толькі з-за таго, што людзі ўспрымаюць некую ідэю, толькі калі да яе гатовыя, таму зараз многія проста ня чуюць, што ім кажуць пра Эспэранта: іхні розум не гатовы, таму вашыя словы мінаюць, не пранікаючы ў сьвядомасьць. Так, супраціў будзе моцным. Але, верце мне, ён ня зможа перамагчы. Факты перамогуць. Праўда пераможа. Эспэранта пераможа.


____________
1. Mi venis trajne — я прыехаў цягніком, mi venis per trajno — я прыехаў на цягніке, mi trajnis — я прыцягнуўся (прыцягнічыўся).
2. Raŭma manifesto.
3. Зялёная зорка — сымбаль Эспэранта-руху.


(Выступ у Базэлі падчас Сустрэчы трох краін 21-га сакавіка 1998)
Пераклаў: Зьміцер Лапцёнак